Практыкаванне1. Прачытайце. Падрыхтуйце дакументы для ўладкавання на работу: напішыце заяву і сваю аўтабіяграфію.

 

Афіцыйныя дакументы – паняцце, з якім часта сутыкаемся ў штодзённым жыцці. Усе дакументы адносяцца да афіцыйна-справавога стылю і маюць свае асаблівасці.

У штодзённым жыцці нярэдка прыходзіцца пісаць заяву, аўтабіяграфію, даверанасць (даручэнне) і іншыя дзелавыя паперы. Пры іх састаўленні неабходна ўлічваць тыя патрабаванні, якія прад"яўляюцца да дзелавога пісьма: дакладнасць, лагічнасць, зразумеласць зместу, юрыдычная абгрунтаванасць, адзіная знешняя форма, агульнапрынятае (стандартнае) размяшчэнне частак тэксту ці рэквізітаў (аўтар, адрасат, подпіс, дата і г. д.).

Рэквізіт — абавязковая састаўная частка кожнага дакумента. Сукупнасць рэквізітаў, пэўным чынам размешчаных у дакуменце, складае яго фармуляр.

Заява — гэта пісьмовая просьба асобы (групы асоб) ва ўстанову, арганізацыю ці да службовай асобы.

У залежнасці ад таго, куды падаецца заява, аўтар яе можа выступаць як «грамадзянін», «студэнт», «навуковы супрацоўнік» і г. д.

Дамашні адрас у заяве не пішацца, калі аўтар адрасуе яе кіраўніку сваёй установы. Неабавязкова пісаць і прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, да якой звернута заява, дастаткова толькі ўказаць пасаду.

Пры афармленні заявы часам узнікае пытанне, як правільна пісаць прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара дакумента: у форме роднага склону без прыназоўніка ці з прыназоўнікам(Мальца Сяргея Іванавіча ад Мальца Сяргея Іванавіча).Звычайна перавага аддаецца першаму варыянту, хаця з пункту гледжання логікі і нормы літаратурнай мовы дапушчальныя абедзве формы. Часта ўзнікаюць спрэчкі і па другім пытанні: з якой літары (вялікай ці малой) трэба пісаць слова «заява»? I ці ставіцца пасля яго кропка? Ёсць меркаванні на карысць розных варыянтаў. Але перавагу, напэўна, варта аддаць наступнаму: з вялікай літары і без кропкі.

Іншым разам у заяве даецца пералік тых дакументаў (даведка, аўтабіяграфія, дакумент аб адукацыі і інш.), якія да яе прыкладаюцца.

Аўтабіяграфія — апісанне свайго жыцця. Аўтабіяграфія пішацца ад першай асобы. У ёй звычайна паведамляюцца наступныя звесткі: прозвішча, імя, імя па бацьку, год і месца нараджэння, сацыяльнае становішча; бацькі (поўнасцю імя і імя па бацьку, чым займаюцца); адукацыя (калі і дзе вучыўся); працоўная дзейнасць (месца працы, пасада); дзяржаўныя ўзнагароды (калі ёсць). Ставіцца дата і подпіс.

У аўтабіяграфіі як дакуменце не трэба раскрываць рысы характару, звычкі, схільнасці, розныя бакі асабістага жыцця.

Аб'ява — дакумент, у якім паведамляецца пра што-небудзь. У аб"яве звычайна ўказваецца назва дакумента, дзе, калі і што адбудзецца, аўтар аб"явы.

Распіска — дакумент, які пацвярджае атрыманне пэўнай асобай чаго-небудзь (грошай, рэчаў, дакументаў і г. д.) на часовае ці сталае карыстанне.

Распіска звычайна мае наступную форму: 1) назва дакумента; 2) хто атрымаў(Я, Дрозд Мікалай Іванавіч); 3) ад каго атрымаў; 4) што атрымаў (пералік каштоўнасцей, іх колькасць пішацца словамі і лічбамі); 5) для якой мэты; 6) дата; подпіс.

Даверанасць (даручэнне) — дакумент, у якім асоба (установа, прадпрыемства) дае права іншай асобе выступаць ад яе імя, ажыццяўляць пэўныя юрыдычныя дзеянні ці атрымліваць матэрыяльныя каштоўнасці.

 

Практыкаванне 2. Перакладзіце на беларускую мову, запішыце, замяніўшы дзеяслоўна-іменныя словазлучэнні адпаведнымі дзеясловамі.

 

Произвести улучшение, осуществлять заботу, произвести выплату, подвергнуть сокращению, осуществлять выдачу, допустить снижение (объёма выпуска), осуществлять руководство, проявить интерес, достигнуть опережения, допустить отставание, осуществить питание, осуществлять проверку, вести наблюдение, проводить эксперимент, одержать победу, оказывать внимание.

Практыкаванне 3. Прачытайце ўрывак з “Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека”. Вызначце яго стыль. Знайдзіце рысы, характэрныя для дадзенага стылю. Перапішыце, расстаўляючы знакі прыпынку і ўстаўляючы прапушчаныя літары.

 

Артыкул 2. Кожны чалавек павінен валодаць усімі правамі і ўсімі свабодамі што абвешчаны гэтай (Д/д)экларацыяй без якога б там ні было адрознення як напрыклад у адносінах расы колеру скуры полу мовы (Р/р)элігіі палітычных або іншых перакананняў нацыянальнага або сацыяльнага паходжання маёмас(т?)нага саслоўнага або іншага становішча.

Апрача таго не павінна рабіцца ніякага адрознення на аснове палітычнага прававога або (М/м)іжнароднага статус(а/у) краіны або тэрыторыі да якой чалавек належыць незалежна ад таго ці з’яўляецца гэтая тэрыторыя незалежнай падапечнай (не)самакіравальнай або як(небудзь) інакш абмежаванай у сваім суверэнітэце.

Практыкаванне 4. З якіх дзелавых папер маглі б быць узяты наступныя выразы?

 

Адбудзецца сустрэча, прашу прыняць, пасля школы, усё атрыманае вярну, давяраю атрымаць, апаратура ў парадку, справаздача прыкладаецца, выдадзена для прадстаўлення, за справаздачны перыяд, упаўнаважваю распараджацца, прадпрыемства абавязваецца, ацэначная камісія ў складзе, з’яўляецца навучэнцам, даводзім да вашага ведама.

Практыкаванне 5. Перакладзіце на беларускую мову характэрныя для дзелавой камунікацыі канцылярызмы і стандартныя выразы-штампы.

 

а) Ссылаясь на наше письмо от …, сообщаем, что …

б) К сожалению, мы не можем удовлетворить Вашу просьбу о …

в) В соответствии с прилагаемым контрактом …

г) По получении письма просим подтвердить Ваше согласие …

д) Надеемся поддерживать сотрудничество с Вами.

Практыкаванне 6. Спішыце, выправіўшы дапушчаныя памылкі.

 

1. Да 20 лютага выканаў план камбінат будматэрыялаў.

2. Прапрацаваўшы толькі два месяцы, у яго ўзнікла ўскладненне з начальнікам цэха.

3. Кіраўніцтва вытворчай практыкі ажыццяўляецца лепшымі спецыялістамі прадпрыемства.

4. Праводзяцца іспыты ўніверсальнага лябёдкі-пагрузчыка.

5. Кожны член брыгады адказен за якасць прадукцыі.

6. Размясціце камандзіровачных у нашай гасцініцы.

7. Накіроўваем Вам варыянт праекта. Просім яго абмеркаваць і зацвердзіць.

8. У гэтым месяцы прэмію атрымалі 23 рабочых з электрацэху.

9. Гэтак жа эфектна ў будаўніцтве выкарыстанне зборных канструкцый.

10. Не сакрэт, што і заводскія службы нясуць не апошнюю віну за склаўшаяся ў гэтым калектыве становішча.

Практыкаванне 7. Размяркуйце прыведзеныя словы і выразы па групах: стылістычна-нейтральныя; з яркай прыметай афіцыйна-справавога стылю; неўласцівыя афіцыйна-справавому стылю.

 

Аднаразовы, аднаразовая дапамога, ануліраваць, адзінаццаць, беларускі, белабрысы, выконваць абавязкі, выпіска з загаду, гравейка, гамана, дым, дурненькі, дыскрэдытацыя, дом, інвентарызацыя, крык, ліквідаваць, мець месца, мець на ўвазе, мост, мёд, невук, ніжэйпадпісаны, прынцып, прыняць меры, працоўны дагавор, паведамленне, рэчка, разява, старшыня, станцыя, халтура, хлеб, страхавы поліс.

Практыкаванне 8. Закончыце наступныя сказы, тыповыя для дзелавых пісем.

 

У парадку абмена вопытам … На жаль, мы не можам задаволіць просьбу … Напамінаем Вам, што … Накіроўваем Вам … Запрашаем Вас прыняць удзел …

 

Практыкаванне 9. Замяніце словазлучэнні блізкімі па сэнсу дзеясловамі.

 

1. Зрабіць заяўленне - …

2. Браць удзел - …

3. Аказваць садзеянне - …

4. Уносіць прапанову - …

5. Атрымаць перамогу - …

6. Аб’явіць падзяку - …

7. Давесці да ведама - …

8. Павысіць эфектыўнасць мер - …