Практыкаванне1. Дапоўніце наступныя сказы.

1. Традыцыйна выдзяляюцца такія стылі, як … .

2. Функцыянальныя стылі – гэта … .

3. Публіцыстычны стыль аблугоўвае сферу … .

4. Важнейшыя асаблівасці публіцыстычнага стылю - … .

5. Асноўная задача публіцыстычнага стылю - … .

6. Жанрамі гутарковага стылю з’яўляюцца … .

7. Асноўныя рысы гутарковага стылю – гэта … .

8. Гутарковы стыль абслугоўвае сферу … .

9. Мастацкі стыль рэалізуецца ў такіх жанрах, як … .

10. Для мастацкага стылю характэрны такія рысы, як … .

11. Доказнасць, дакладнасць, лагічнасць, аб’ектыўнасць уласцівы такому стылю, як … .

12. Афіцыйна-справавы стыль функцыянуе ў сферы … .

Практыкаванне 2. Назавіце лексічныя і сінтаксічныя рысы гутарковага стылю.

– Як пайшоў у саракавым, так і да сорак пятага – шутка сказаць, – дзед Кручык бадзёрыцца, крыху весялее. – Не проста гэта, вайну ад самага пачатку да самага канца …, – разважае. – Яшчэ ў “Светлым пуці”, дзе дагэтуль працаваў, памятаю, перад пенсіяй было. У майго самазвала перасталі рабіць тармазы. Міліцыянер з ДАІ спыніў мяне, агледзеў машыну. Старая яна была, гэта праўда. Ідзі, кажа, дзед, траскаўкі садзіць, адслужыла твая машына, і ты з ёю разам. Расстроіўся я, усю вайну, кажу яму, перайшоў, не тое адужаў, нашто ты мяне, смаркач, хаваеш? З тае пары ў грудзёх як запяклося. Скуль тыя і хваробы знайшліся, і немач, як пайшоў з машыны… ?

Практыкаванне 3. Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Знайдзіце рысы, характэрныя для дадзенага стылю. Перапішыце, расстаўляючы знакі прыпынку.

Шафёр зняў хуткасць і машына павольна пакацілася да слупа са знакам прыпынку. А калі ўжо вось-вось павінна была стаць пасажыры ўбачылі да аўтобуса бегла дзяўчына. Аўтобус мякка спыніўся. Дзяўчына падбегла да шафёрскай кабіны працягнула шафёру абедзве рукі з двума рамонкавымі букетамі. Шафёр прыгожы юнак узяў разам з букетам левую дзяўчыніну руку прытрымаў яе ў сваёй ды праз якую секунду дзяўчына пырхнула як птушка і пабегла. Хлопец гледзячы ўслед даў лёгкі газ машына пакацілася.

Практыкаванне 4. Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль, назавіце асноўныя стылёвыя рысы. Знайдзіце моўныя сродкі, з дапамогай якіх тэкст набывае гэтыя рысы.

Іван даў машыне волю; паслухмяная, як жывая істота, яна, здавалася, улаўлівала яго думкі і разганялася ці, наадварот, сцішала ход да таго, як ён націскаў на педаль акселератара ці на тормаз.

Бліснула наперадзе лужына з патрушчаным лядком, Іван быццам бы не варухнуў ніводным мускулам, не збіў рытму песні, а машына асцярожна, што дзеўчына на абцасіках па кладцы, прайшла па лужыне і адразу ж, весела фыркнуўшы, як напоены стаеннік, рванула ўперад з ранейшай хуткасцю.

Расступіўся сасняк, ударыла ў ветравое шкло святло шырокага неба – машына выйшла ў поле.

Практыкаванне 5. Складзіце дыялогі, якія могуць адбыцца паміж сябрамі, бацькамі і дзецьмі ў неафіцыйных зносінах. Тэма“Я і мой аўтамабіль”.