Стыль мастацкай літаратуры

Мастацкі стыль абслугоўвае духоўную сферу жыцця грамадства. Гэтастыль мастацкіх твораў розных жанраў: апавяданняў, аповесцей, раманаў, вершаў, паэм, п'есі інш.

У сістэме функцыянальных стыляў мастацкі займае асобае месца. Яго, у адрозненне ад іншых стыляў, немагчыма суаднесці з пэўнай разнавіднасцю літаратурнай мовы. У межах мастацкага стылю могуць узаемадзейнічаць у большай ці меншай ступені элементы ці нават цэлыя фрагменты розных функцыянальных стыляў. Аднак гэта не «змешванне» стыляў, таму што ўжыванне моўных сродкаў у мастацкім тэксце абумоўлена задумай аўтара і зместам твора, г. зн. стылістычна абгрунтавана.

Асноўнай формай рэалізацыі мастацкага стылю з"яўляецца пісьмовае маўленне. Але праяўляецца ён і ў вуснай форме. Драматургія, напрыклад, цалкам разлічана на вуснае выказванне.

Галоўная асаблівасць стылю мастацкай літаратуры — адзінства, узаемадзеянне камунікатыўнай і эстэтычнай функцый. У мове мастацкага твора слова не толькі перадае пэўны змест, але і, з'яўляючыся сродкам фарміравання мастацкіх вобразаў, уздзейнічае на думкі і пачуцці чытача, робіць яго як бы саўдзельнікам тых падзей, пра якія расказвае аўтар.

Мова мастацкай літаратуры мае дзве разнавіднасці — празаічнае маўленне і паэтычнае маўленне.

Проза — гэта свабоднае, натуральна арганізаванае маўленне чалавека. Яно характэрна ў асноўным для эпічных і драматычных твораў: рамана, аповесці, апавядання, драмы, камедыі і інш. Галоўная асаблівасць паэтычнага маўлення — яго асобая рытмічная арганізацыя. Сярод гукавых паўтораў найбольш выдзяляецца рыфма. Рыфма ўплывае на музычнае гучанне верша.

Мове мастацкай літаратуры ўласцівы эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць, вобразнасць. Гэтыя якасці дасягаюцца шырокім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў, сінонімаў, розных стылёвых пластоў лексікі.

Мове мастацкай літаратуры ўласціва стылістычная незамкнутасць, здольнасць убіраць у сябе розныя лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя сродкі ў адпаведнасці са спецыфікай твора. У мастацкім творы можна знайсці дыялектныя, тэрміналагічныя адзінкі, устарэлыя словы, неалагізмы, жарганізмы і нават вульгарызмы.

Пісьменнікі выкарыстоўваюць дыялектызмы як сродак характарыстыкі персанажаў, сродак стварэння мясцовага каларыту.

Спецыяльная лексіка звычайна ўводзіцца для характарыстыкі герояў, пэўнага прафесійнага асяроддзя.

У стылі мастацкай літаратуры, як ні ў якім іншым, асабліва выразна выяўляецца індывідуальнасць аўтара.

 

Адметныя асаблівасці мастацкага стылю

1.Сфера прымянення: выкарыстоўваецца ў мастацкіх творах.

2.Задачы маўлення: вобразна выкласці тое, пра што паведамляецца, раскрыць пачуцці і думкі аўтара.

3.Стылёвыя рысы: маўленне звычайна бывае канкрэтным, вобразным, эмацыянальным.

4.Моўныя сродкі:

- словы з пераносным значэннем, эмацыянальна-ацэначныя словы;

- розныя па мэце выказвання сказы, клічныя сказы, сказы з аднароднымі членамі.

 

Гутарковы стыль

Гутарковы стыль абслугоўвае пераважна сферу бытавых зносін, а таксама неафіцыйныя зносіны ва ўсіх сферах жыцця — вытворчай, грамадска-палітычнай, навуковай і інш.

Асноўнай формай рэалізацыі гутарковага стылю з"яўляецца вуснае маўленне, хаця ён можа праяўляцца і ў пісьмовай мове (сяброўскія лісты, запіскі на бытавыя тэмы і інш.).

Для гутарковага стылю характэрна дыялагічнае маўленне. Аднак магчымы і маналог у форме расказу пра пэўныя падзеі, з'явы і інш., які адрасуецца канкрэтнаму слухачу (слухачам). Вялікую ролю ў вусных зносінах адыгрываюць інтанацыя, жэсты, міміка суразмоўцаў.

Моўныя асаблівасці гутарковага стылю тлумачацца неафіцыйным, непрымусовым характарам адносін паміж удзельнікамі гутаркі, іх непасрэдным удзелам у зносінах, адсутнасцю папярэдняй падрыхтоўкі да размовы.

Гутарковаму маўленню ўласцівы стандартнасць, экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць, няпоўная структурная аформленасць, перарывістасць, спрошчанасць.

У гутарковым стылі ў тыповых абставінах зносін выкарыстоўваюцца гатовыя, стандартныя маўленчыя сродкі, так званыя формулы маўленчага этыкету (формулы прывітання, развітання, звароту, прабачэння, падзякі і інш.).

Значная частка слоў і фразеалагізмаў гутарковага стылю мае ярка выражаную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку: дачушка, сынок, працаўнік, плакса, маразішча, вятрыска, моднічаць, браць за горла, заткнуць за пояс і інш.

Характэрнай асаблівасцю гутарковага стылю з"яўляецца ўжыванне займеннікаў, выклічнікаў, часціц, дзеясловаў са значэннем імгненнага дзеяння (скок, шмыг, хваць і інш.). Тут часта выкарыстоўваюцца словы з канкрэтным значэннем і абмежавана — з абстрактным, амаль не сустракаюцца тэрміны.

Сінтаксіс гутарковага стылю характарызуецца непаўнатой канструкцый, спрошчанасцю, перарывістасцю, экспрэсіўнасцю. Гутарковаму маўленню ўласцівы няпоўныя сказы, словы-сказы, сказы з інверсійным парадкам слоў, пытальныя і клічныя сказы. Са складаных дастаткова часта ўжываюцца складаназлучаныя і бяззлучнікавыя.

 

Адметныя асаблівасці гутарковага стылю

1. Сфера прымянення: выкарыстоўваецца ў гутарках, часцей за ўсё са знаёмымі людзьмі.

2. Задачы маўлення: абмен інфармацыяй.

3. Стылёвыя рысы: непасрэднасць, свабода ў выбары слоў і выразаў, неафіцыйнасць, непадрыхтаванасць маўлення,дыялагічная форма ўзаемін, спрошчанасць, недагаворанасць.

4. Моўныя сродкі:

- многа гутарковых (прастамоўных слоў), слоў з ацэначным значэннем;

- розныя па мэце выказвання сказы, клічныя сказы, сказы са звароткамі і простай мовай, пытальныя сказы, няпоўныя сказы, словы-сказы.