Функцыянальны стыль — разнавіднасць мовы, якая абслугоўвае пэўную сферу чалавечай дзейнасці: навуку, мастацтва, палітыку, дзелавыя і паўсядзённыя (бытавыя) зносіны. Функцыянальныя стылі характарызуюцца формай (вусная, пісьмовая, дыялагічная, маналагічная), мэтай (паведамленне, просьба, загад) і ўмовамі зносін (узрост, характар узаемаадносін субяседнікаў). Стылі маюць спецыфіку і ў лінгвістычных адносінах: у адборы і выкарыстанні лексікі, марфалагічных і сінтаксічных сродкаў.

Вылучаюць наступныя стылі: афіцыйна-справавы, навуковы, публіцыстычны, мастацкі (стыль мастацкай літаратуры) і гутарковы. Усе моўныя стылі, акрамя гутарковага, кніжныя. Гутарковы з"яўляецца стылем вуснай мовы.

Стыль тэксту вызначаецца паводле асноўных яго прымет: сфера выкарыстання (дзе выкарыстоўваецца), задачы маўлення (з якой мэтай), асноўныя стылёвыя рысы, характэрныя (тыповыя) моўныя сродкі.

Сферы ўжывання мовы ў значнай ступені ўплываюць на тэматыку і змест выказвання. Кожная з іх мае свае актуальныя тэмы. Напрыклад, у навуцы абмяркоўваюцца праблемы навуковага пазнання свету, у побытавых кантактах – зносіны людзей паміж сабой, у сям’і, неафіцыйныя адносіны на вытворчасці, ва ўстановах і г.д. Аднак у розных сферах можа з рознымі мэтамі ўздымаецца адна і тая ж тэма.

Такім чынам, сфера ўжывання мовы, тэматыка і мэты выказвання вызначаюць істотныя прыметы стылю. Для навуковага стылю – гэта абагульнена-адцягнены характар выкладу і лагічнасць, для афіцыйна-справавога стылю – прадпісальна-неабходны характар гаворкі і дакладнасць, для гутарковага – натуральнасць, непасрэднасць і непадрыхтаванасць зносін і інш.

Для ўсіх стыляў характэрна наяўнасць агульнага кампанента – стылістычна-нейтральных моўных сродкаў – і спецыфічных сродкаў выражэння. У кожным стылі ёсць частка слоў, якія могуць выкарыстоўвацца у любым стылі. Гэта нейтральная(міжстылёвая лекіка).  Стылічна афарбаванай з’яўляецца лексіка, якая не толькі называе прадметы, з’явы, падзеі, але адначасова выражае дадатковыя эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні. Сярод стылістычна-афарбаваных слоў вылучаюць гутарковыя і кніжныя. У слоўніках кніжныя словы пазначаюцца паметамі кніжн. (кніжнае), спец. (спецыяльнае), навуковыя тэрміны адзначаюцца паметамі, якія ўказваюць на пэўную галіну навукі.

 

Лексіка сучаснай беларускай мовы паводле стылістычнай афарбоўкі

Лексіка сучаснай беларускай мовы

Міжстылёвая

(нейтральная)

Кніжная

Размоўная

Навуковая

Публіцыстычная

Афіцыйна-справавая

Мастацкая

Стылістычна нейтральныя словы, аснова ўсіх стыляў мовы

чалавек, вада, жыта, шырокі, трымаць, піць

Выкарыстоўваецца ў кніжных стылях (у пісьмовай форме мовы)

Выкарыстоўваецца ў размоўным стылі (у вуснай форме мовы), мае афарбоўку неафіцыйнасці, бытавізму

пуза, падліза, абібок, халупа, швэндацца

Тэрміналогія розных галін ведаў

інфінітыў, вектар, біном

Выкарыстоўваецца ў газетах, прамовах, рэпартажах і г.д.

генацыд, нейтралітэт, непераможны, доблесны

Мае адценне афіцыйнасці, выкарыстоўваецца ў мове дзелавых папер і афіцыйных дакументаў

іск, справаздача, рэзалюцыя

 

Мае адценне лірычнасці, узнёсласці, выкарыстоўваецца ў мастацкай літаратуры (паэзіі, фальклоры)

агняцветны, галубка, прамяніцца

Любы стыль рэалізуецца ў сукупнасці вызначаных тыпаў тэкстаў. Кожны з такіх тыпаў тэкстаў прынята называць жанрам. Напрыклад, у публіцыстычным стылі гэта хроніка, рэпартаж, інтэрв’ю, нарыс, фельетон, артыкул, дэбаты, тэлемост, лозунг, прамы эфір і г.д.; у навуковым – манаграфія, даклад, рэферат, тэзісы, вучэбны дапаможнік, падручнік і г.д.; у афіцыйна-справавым – даверанасць, заява, характарыстыка, акт, дагавор і г.д. Стылі знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні і могуць пранікаць адзін у другі.

Публіцыстычны стыль— функцыянальная разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца ў сферы грамадскіх зносін: грамадска-палітычных, культурных, спартыўных і інш. Гэта стыль перыядычнага друку, грамадска-палітычнай літаратуры, агітацыйна-прапагандысцкіх выступленняў на мітынгах, сходах, на радыё і тэлебачанні і г. д.

Публіцыстычны стыль сустракаецца як у пісьмовай, так і ў вуснай формах маўлення, якія ў межах гэтага стылю ўзаемадзейнічаюць і збліжаюцца. Прычым асновай найбольш часта з'яўляецца пісьмовая форма, таму што большасць вусных дакладаў, прамоў, выступленняў уяўляюць сабой узнаўленне загадзя падрыхтаваных (напісаных) тэкстаў.

Найбольш пашыраныя ж а н р ы публіцыстычнага стылю — артыкулы ў газетах і грамадска-палітычных часопісах, рэпартажы, інтэрв"ю, нарысы, аратарскія выступленні і інш.

Публіцыстычнаму стылю ўласцівы дзве асноўныя функцыі — інфармацыйная (перадача грамадскай інфармацыі) і экспрэсіўная (уздзеянне на свядомасць людзей). Гэтыя функцыі ўзаемазвязаныя, неаддзельныя адна ад другой. Таму публіцыстычным стылем карыстаюцца тады, калі неабходна не толькі перадаць пэўную інфармацыю, але і адначасова аказаць уздзеянне на адрасата, пераканаць яго ў чым-небудзь, выклікаць цікавасць да канкрэтных ідэй, поглядаў, заахвоціць да пэўных дзеянняў і ўчынкаў.

Тыповымі рысамі публіцыстычнага стылю з'яўляюцца эмацыянальнасць, ацэначнасць, вобразнасць, пабуджальнасць.

Яркая эмацыянальна-экспрэсіўная афарбоўка публіцыстычных твораў тлумачыцца тым, што аўтар, перадаючы інфармацыю, выражае свае адносіны да яе. Прычым пазіцыя аўтара-публіцыста ў адрозненне, напрыклад, ад пазіцыі аўтара мастацкага твора выражаецца звычайна прама і адкрыта, што часта і абумоўлівае агітацыйны, пабуджальны характар публіцыстыкі.

Асноўныя рысы публіцыстычнага стылю выяўляюцца з дапамогай розных моўных сродкаў. Тут шырока выкарыстоўваецца грамадска-палітычная лексіка і фразеалогія (грамадзянін, канстытуцыя, суверэнітэт, дэпутат, дэмакратыя, свабода, грамадства; парламенцкія выбары, прэзідэнцкая кампанія, ратыфікацыя дагавора, пакет прапаноў, міждзяржаўнае пагадненне, скарачэнне ўзбраенняўі інш.); словы, якія набываюць прымету публіцыстычнасці толькі пры ўжыванні ў пераносным значэнні (школа выжывання, працоўная вахта, палітычная гульня, атмасфера даверу, сустрэча на ўзроўні паслоўі інш.); стылёва афарбаваныя словы са станоўчай і адмоўнай ацэнкай (працаўнік, перадавік, міласэрнасць, дабрабыт, ударнік; экстрэміст, расіст, ваяж іінш.). У публіцыстыцы звычайна асвятляюцца разнастайныя пытанні навукі, тэхнікі, эканомікі, палітыкі, культуры, таму публіцыстычны стыль вызначаецца шырокім выкарыстаннем тэрміналагічнай лексікі. Напрыклад: Калі на пясчаных прасторах я павярнуў страмчэй, Пілот стаў шпарка траціць ход. Газ да канца – а ён не едзе! Паспрабаваў у розных рэжымах – дарэмна. Ні ў адным сістэма стабілізацыі і кантролю цягі не адключаецца поўнасцю і душыць рухавік. На грунтах Пілоту не хапае ручнога пераключэння перадач. І старайцеся не ўвязнуць. Чаму? Няма задняй буксірнай правушыны! (“За рулём”)

Але публіцыстычны тэкст не павінен быць перанасычаны тэрмінамі, бо публіцыст адрасуе свой матэрыял мільёнам чытачоў, а не толькі спецыялістам.

У публіцыстычных творах могуць ужывацца дыялектызмы, жарганізмы, словы і выразы са зніжанай стылістычнай афарбоўкай.

Як і ў мастацкай літаратуры, у публіцыстыцы выкарыстоўваюцца метафары, эпітэты, параўнанні і іншыя тропы.

Марфалагічныя асаблівасці публіцыстычнага стылю праяўляюцца ў асноўным у частотнасці ўжывання часцін мовы і іх форм. Напрыклад, у публіцыстьгчных тэкстах даволі часта сустракаюцца назоўнікі ў родным склоне (пасля эканамічнага крызісу, рэформа цэн, скарачэнне ўзбраенняў і інш.), назоўнікі з суфіксамі -осць (-асць), -ств- (-цтв-), -нн-, -ізм, -іст,дзеясловы ў цяперашнім і прошлым часе, дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу: Праект праграмы, накіраванай на падтрымку беларускай адукацыі, распрацаваны ў Міністэрстве адукацыі нашай краіны. Яна закранае ўсе ўзроўні навучання — ад дашкольнага да паслядыпломнага. («Звязда»)

Публіцыстычны стыль мае і сінтаксічныя асаблівасці. Тут часта выкарыстоўваюцца сінтаксічныя канструкцыі з ярка выражанай экспрэсіўнасцю — сказы з інверсійным парадкам слоў, сказы-звароты, рытарычныя пытанні, паўторы і інш.

У публіцыстычным стылі выдзяляюцца некалькі разнавіднасцей, або падстыляў: газетна-публіцыстычны, агітацыйны, масава-палітычны. Аднак большасць навукоўцаў лічыць, што дакладнай мяжы паміж гэтымі падстылямі не існуе.

 

Адметныя асаблівасці публіцыстычнага стылю

1. Сфера прымянення: выкарыстоўваецца ў газетах, часопісах, у выступленнях на мітынгах і сходах.

2. Задачы маўлення: уздзейнічаць на масы, сфарміраваць у людзей пэўныя адносіны да грамадскіх спраў.

3. Стылёвыя рысы: эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць, ацэначнасць, вобразнасць, пабуджальнасць.

4. Моўныя сродкі:

- пабуджальныя, клічныя сказы;

- рытарычныя пытанні;

- разгорнутыя звароты;

- паўторы, антытэза, інверсія, паралелізм .