Асаблівасці перакладу з рускай мовы на беларускую

 

Дзяржаўнасць беларускай і рускай моў у Рэспубліцы Беларусь выклікае патрэбу дасканалага валодання абедзвюма мовамі. Пераклад з блізкіх, роднасных моў можа памылкова здавацца нескладанай працай. Але кожная мова валодае шэрагам лексічных і граматычных асаблівасцей, без добрага ведання якіх якасны пераклад наўрад ці магчымы. Пры перакладзе з рускай мовы на беларускую неабходна памятаць пра наступныя разыходжанні паміж імі:

1. Разыходжанні ў націску. Шэраг суадносных беларускіх і рускіх лексем адрозніваюцца месцам націску: стéпень – ступéнь, укомплектóванный – укамплектавáны і інш.

2. Разыходжанні ў граматычных катэгорыях: родзе, ліку, склоне (рус.запись, подпись, продажа (ж.р.) – бел.запіс, подпіс, продаж (м.р.); рус.крупа, поведение (толькі адз.л.) – бел.крупы, паводзіны.

Нярэдка пры перакладзе з рускай мовы на беларускую (і наадварот) змяняецца склон залежных кампанентаў словазлучэння: комиссия по жилищному строительству– камісія па жыллёвым будаўніцтве,диплом с отличием –дыплом выдатніка.

Неабходна добра ведаць асаблівасці скланення назоўнікаў у беларускай мове. Так, у адрозненне ад рускай мовы назоўнікі другога скланення ў форме роднага склону адзіночнага ліку ў беларускай мове могуць мець як канчаткі-а (-я), так і -у (-ю): маркетынгу, рынку, універсітэта і інш.

3. Разыходжанні ва ўтварэнні дзеепрыслоўяў незакончанага трывання: у беларускай мове выкарыстоўваюцца суфіксы -учы (-ючы), -ачы (-ячы)– гандлюючы, робячы і інш. Параўн. з рускай мовай: торгуя, делая.

У беларускай мове ўтвараюцца дзеепрыслоўі незакончанага трывання ад дзеясловаў біць, піць, віць, ліць, шыць, жаць (б’ючы, п’ючы, льючы), ад дзеясловаў тыпу мазаць, пісаць, рэзаць (мажучы, пішучы). У рускай мове такіх дзеепрыслоўяў няма.

4. Разыходжанні ў адмаўленнях. У беларускай і рускай мовах ёсць шэраг слоў з адмаўленнем “не”, “без” (“бяз”), якія перакладаюцца з іншым адмаўленнем або ўвогуле без яго, напр.: рус. негодование– бел. абурэнне, недостойно – ганебна, невесомость – бязважкасць, нескончаемый – бясконцы, непроизвольно – міжволі.

5. Несупадзенне ў аб’ёме лексічнага значэння. Шэраг мнагазначных слоў і слоў-амонімаў рускай мовы не з’яўляюцца такімі ж у беларускай і перакладаюцца рознымі словамі ў залежнасці ад значэння. Напрыклад: рус.область– бел.вобласць‘частка якойнебудзь тэрыторыі’ (Мінская вобласць), галіна (сфера, галіна народнай гаспадаркі).

Таксама ж і беларускія мнагазначныя словы могуць перакладацца на рускую мову некалькімі адпаведнікамі ў залежнасці ад значэння. Напрыклад: бел. бок – рус. сторона (напрамак, прастора, месца, чалавек ці група асоб) – южная сторона, разные стороны; бок (правая або левая частка цела) – кольнуло в бок.

6. Разыходжанні ў сінтаксісе. Розныя спосабы перакладу з рускай мовы на беларускую дзеепрыметнікавых зваротаў, бо тут праяўляецца выразнае несупадзенне.

 

 

Памятка для перакладу з рускай мовы на беларускую

 

1. Перад тым, як пачаць перакладаць тэкст, прачытайце яго, вызначце тэму, галоўную думку, дайце назву.

2. Запомніце, што нельга перакладаць кожнае слова ў сказе паасобку – перакладаецца цэлы сказ ці яго звязная частка разам.

3. Звярніце ўвагу на тэрміны ў тэксце: яны могуць перакладацца спецыфічна.

4. Для сучаснай беларускай мовы характэрны не ўсе магчымыя формы дзеепрыметнікаў. Пашыранымі з’яўляюцца дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу з суфіксам -л- (пацямнелы, пачырванелы) і залежнага стану з суфіксамі -н-, -ен-,-ан-,-ян-,-т-, (напісаны, зжаты). Неўжывальнымі лічацца формы незалежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -уч-,-юч-,-ач-,-яч- (пішучая) і прошлага часу з суфіксамі -ўш-,-ш- (пабялеўшая), а таксама формы залежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -ом-,-ем-,-ім- (будуемы). Зваротныя дзеепрыметнікі (тыпу палепшыўшыйся) у беларускай мове ўвогуле не ўжываюцца. У рускай мове актыўна выкарыстоўваюцца ўсе названыя формы дзеепрыметнікаў. У сувязі з гэтым пры перакладзе ўзнікае праблема адэкватнай перадачы дзеепрыметнікаў і дзеепрыметнікавых зваротаў па-беларуску. Існуюць розныя спосабы пазбегнуць неўжывальных формаў дзеепрыметнікаў:

1) дзеепрыметнікавы зварот перабудаваць у даданы сказ (кольца, пропускающие воздух в поддон двигателя – кольцы, якія прапускаюць паветра ў паддон рухавіка);

2) перарабіць выраз, замяніўшы дзеепрыметнік аднакаранёвым назоўнікам (будущее фирмы – будучыня фірмы);

3) замяніць развітым прыдаткам (цифры, показывающие динамику – лічбы – паказальнікі дынамікі);

4) змяніць парадак слоў (хозяйствующий субъект – суб’ект гаспадарання);

5) калі дзеепрыметнік не мае істотнай сэнсавай нагрузкі, пры перакладзе яго можна апусціць (время, отведённое для рекламы – час для рэкламы);

6) замяніць выраз дзеясловам (развивающееся сотрудничество приносит результаты– супрацоўніцтва развіваецца і прыносіць вынікі);

7) замяніць дзеепрыметнікам ва ўжывальнай форме (осмелевшая кампания – асмялелая кампанія).