Мова и маўленне – паняцці вельмі блізкія, узаемазвязаныя, і таму на першы погляд здаюцца тоеснымі. Аднак глыбокае разуменне пытання дае магчымасць выявіць істотную розніцу паміж гэтымі катэгорыямі.

Мова — гэта сістэма фанетычных, лексічных і граматычных адзінак, з дапамогай якіх выражаюцца думкі, пачуцці, волевыяўленне. Мова — асноўны сродак зносін паміж людзьмі.

Маўленне — вуснае і пісьмовае выкарыстанне моўных сродкаў з мэтай зносін з іншымі членамі пэўнага калектыву або для ўнутранага маналога.

У мове — набор моўных адзінак, сістэма правіл іх прымянення; у маўленні — выбар з гэтага «набору» і рэалізацыя правіл. У маўленні выбраныя адзінкі арганізуюцца ў паслядоўнасць, у ланцужок па правілах мовы і ў адпаведнасці з патрабаваннямі выражаемых звестак. Такім чынам, мова — з'ява абстрактная, а маўленне — канкрэтная, індывідуальная. Мы ведаем нямала прыкладаў, калі пісьменнікі і іншыя людзі самі ствараюць словы. Напрыклад, лічыцца, што такія словы, як адлюстраваць, мілагучнасць, мэтазгодна, дабрабыт, ажыццяўленне, цемрашал, створаны і ўведзены ва ўжытак У.Дубоўкам.

Маўленне як спецыфічная форма рэалізацыі мовы можа праяўляцца ў вуснай і пісьмовай форме, успрымацца на слых або пры дапамозе органаў зроку.

Маўленне як спосаб прымянення, выкарыстання моўных сродкаў неаднароднае, бо мова функцыянуе не сама па сабе, а ў сувязі з патрэбамі зносін. Таму маўленне падзяляецца на літаратурнае і гутарковае (размоўнае). Літаратурнаму маўленню не ўласцівыя адхіленні ад нормы. Гутарковае маўленне мае свае спецыфічныя фанетычныя, лексіка-фразеалагічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці.

Мова як знакавая сістэма выяўляецца ў працэсе маўленчай дзейнасці. Праз маўленне рэалізуецца камунікатыўная функцыя мовы. Такім чынам, маўленне – арганізаваны па законах мовы працэс выкарыстання моўных адзінак. У маўленні чалавек праяўляецца як асоба. Асабліва гэта важна памятаць тым, чый прафесійны род заняткаў цесна звязаны з маўленчай, камунікатыўнай дзейнасцю, – настаўнікам, юрыстам, палітыкам, бізнесменам, журналістам і інш. Для іх уменне ўступаць у кантакты, дзелавыя зносіны, выступаць публічна ўваходзіць у разрад прафесійна-дзелавых якасцей. Прыгожая, дакладная мова, правільнае вымаўленне, веданне скарбаў мовы – паказчыкі не толькі культуры маўлення, але і агульнай культуры асобы.

 

Правільнасць маўлення і моўныя нормы

 

Літаратурная мова сфарміравалася ў выніку доўгага і складанага гістарычнага працэсу, яна арганічна звязана з народнай асновай, з якой увабрала ў сябе ўсё лепшае.

Літаратурнай мовай называюць вышэйшую (узорную, апрацаваную) форму нацыянальнай мовы, якая гістарычна склалася, мае багаты лексічны фонд, упарадкаваную граматычную структуру і развітую сістэму стыляў.

Вядома, гэтыя ўласцівасці літаратурнай мовы з'явіліся не адразу, а ў выніку працяглага і адмысловага адбору найбольш дакладных і важкіх слоў і словазлучэнняў, найбольш зручных і мэтазгодных граматычных форм і канструкцый. Гэты адбор ажыццяўляўся з улікам творчага абагачэння і ўдасканалення роднай мовы.

Пад нормай разумеецца выпрацаванае грамадствам найбольш пашыранае або агульнапрынятае выкарыстанне моўных сродкаў, якія замацаваны ў нарматыўных слоўніках, даведніках, граматыках і якія сталі ўзорам і заканадаўча замацаваны ў выглядзе правіл, рэкамендацый. Прынятая норма з"яўляецца абавязковай для ўсіх носьбітаў літаратурнай мовы. Добра ведаць мову немагчыма без стараннага вывучэння яе норм вымаўлення і націску, словаўжывання, граматыкі (марфалогіі і сінтаксісу), а таксама стылістычных нормаў.

Сістэма норм літаратурнай мовы

 

Нормы

Іх змест

 

арфаэпічныя

правільнае вымаўленне гукаў і іх спалучэнняў

 

акцэнталагічныя

правільная пастаноўка націску

 

арфа гра фічныя

перадача вуснага маўлення на пісьме ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі

 

лексічныя

ужыванне слоў ва ўласцівых ім значэннях і правільнае спалучэнне слоў па сэнсе

 

граматычныя

правільнае ўжыванне форм слоў і пабудова сказаў

 

стылістычныя

выкарыстанне моўных сродкаў у адпаведнасці з выбраным стылем

 

пунктуацыйныя

правільная пастаноўка знакаў прыпынку

 

Літаратурная норма не з"яўляецца нязменнай. 3 развіццём мовы развіваецца і норма. Норма — цэнтральнае паняцце культуры маўлення; веданне норм беларускай літаратурнай мовы неабходна кожнаму адукаванаму чалавеку.

Узровень культуры маўлення вызначаецца сукупнасцю камунікатыўных якасцей. Цэнтральнай з’яўляецца правільнасць маўлення, гэта значыць выкарыстанне моўных сродкаў (арфаэпічных, акцэнталагічных, арфаграфічных, словаўтваральных, лексічных, марфалагічных, сінтаксічных, пунктуацыйных, фразеалагічных, стылістычных) у адпаведнасці з патрабаваннямі літаратурных нормаў. Неабходная ўмова правільнасці маўлення – гэта добрае веданне нормаў літаратурнай мовы.

Прафесійна-арыентаванае маўленне

 

Тэрмін “культура прафесійнага маўлення” азначае сукупнасць такіх якасцей маўлення, што робяць яго дасканалым сродкам камунікатыўных зносін у той ці іншай сферы дзейнасці чалавека: уменне правільна, дакладна, лагічна перадаваць свае думкі сродкамі мовы.

Асноўнымі кампанентамі культуры прафесійнага маўлення, як і культуры маўлення, з’яўляюцца:

правільнасць – прадугледжвае захаванне носьбітамі мовы літаратурных нормаў, што забяспечвае адзінства моўных сродкаў і ўзаемаразуменне паміж удзельнікамі камунікацыі;

дакладнасць – заключаецца ў адпаведнасці сэнсавага боку (плана зместу) прадметнай рэчаіснасці, асабліва цесна звязана з лексічнай нормай, што рэгулюе правільнасць выбару слова для пэўнага кантэксту;

лагічнасць – прадугледжвае пабудову несупярэчлівага, паслядоўнага выказвання, у якім асобныя часткі лагічна звязаны паміж сабой, аснова лагічнасці – сувязь мыслення і маўлення;

дарэчнасць– увасабляе адметны выбар моўных сродкаў у адпаведнасці з мэтай і тэмай выказвання, сітуацыяй, умовамі праяўлення маўленчай дзейнасці і г.д.;

выразнасць – асаблівасць маўлення, якая падтрымлівае ўвагу і зацікаўленасць слухача і чытача;

чысціня – вызначае мэтазгоднасць увядзення ва ўжытак асобных лексічных адзінак, што маюць абмежаваную (вузкую) сферу семантычнай рэалізацыі (дыялектызмы, жарганізмы, прастамоўныя словы), або адносяцца да слоў, выкарыстанне якіх у беларускай мове непажадана;

багацце – выяўляецца ў разнастайнасці выкарыстання моўных сродкаў і ў адсутнасці ці вельмі рэдкім паўтарэнні слоў і выразаў.

У выніку парушэння дакладнасці, лагічнасці, дарэчнасці і чысціні маўлення ўзнікаюць тыповыя маўленчыя памылкі. Найбольш частыя з іх наступныя:

ужыванне слоў з неўласцівым ім значэннем;

неразмежаванне амонімаў, паронімаў;

парушэнне парадку слоў у сказе;

няправільнае ўжыванне дзеепрыслоўнага звароту;

плеаназмы і таўталогія;

адсутнасць лагічнасці і граматычнай сувязі паміж сказамі;

нематываванае ўжыванне рознастылёвай лексікі.