Навуковы стыль

Навуковы стыль— функцыянальная разнавіднасць маўлення, якая выкарыстоўваецца ў сферы навукі і адукацыі, тэхнікі і вытворчасці. Гэта стыль навуковых артыкулаў, дысертацый, энцыклапедый, слоўнікаў, падручнікаў, навукова-тэхнічнай літаратуры, дакладаў і выступленняў на навуковыя тэмы.

Асноўнай формай рэалізацыі навуковага стылю з'яўляецца пісьмовае маўленне, хаця з развіццём сродкаў масавай камунікацыі, пашырэннем навуковых кантактаў павялічваецца роля вуснай формы зносін.

Галоўная функцыя навуковага стылю — перадача навуковай інфармацыі, доказнасць яе сапраўднасці, нярэдка — навізны і каштоўнасці.

Гэтай функцыяй абумоўліваецца спецыфіка навуковага стылю і яго асноўныя стылёвыя рысы: навуковая тэматыка тэкстаў, абстрактнасць і абагульненасць, аб’ектыўнасць і дакладнасць, лагічнасць і строгасць, доказнасць, насычанасць фактычнай інфармацыяй.

Падкрэсленая лагічнасць — тыповая рыса навуковага тэксту. Усе часткі ў ім цесна звязаны сэнсам і размяшчаюцца ў строга вызначанай паслядоўнасці.

Інфармацыя ў навуковых тэкстах павінна быць несупярэчлівай. Лагічнасць і строгасць навуковага выкладу дасягаецца шляхам выкарыстання:

спецыяльных канструкцый тыпу трэба адзначыць, неабходна спыніцца, спачатку прааналізуем, варта падкрэсліць;

пабочных канструкцый: па-першае, гэта значыць, такім чынам;

злучнікаў і прыслоўяў: таму, так як,затым, далей;

канструкцый з прыназоўнікамі: з прычыны, у сувязі, у выніку;

абагульняючых слоў пры аднародных членах сказа;

складаназалежных сказаў;

прамога парадку слоў у сказах.

Наступнай якасцю навуковага стылю з'яўляецца аб’ектыўнасць і дакладнасць выкладу. Сэнсавая дакладнасць (адназначнасць) абумоўлівае ўжыванне слоў з прамым значэннем, шырокае выкарыстанне тэрмінаў. Паўтор ключавых слоў у навуковым маўленні лічыцца нормай. Дакладнасцю тлумачыцца і выкарыстанне ў навуковым тэксце сказаў з дзеепрыметнымі і дзеепрыслоўнымі зваротамі, з аднароднымі членамі і абагульняльнымі словамі.

Абагульненасць і абстрагаванасць уласцівы кожнаму навуковаму тэксту. Таму тут шырока выкарыстоўваецца абстрактная лексіка: хуткасць, сіла, ціск, бязважкасць, колькасць і інш. Для абазначэння агульных паняццяў ужываюцца словы з канкрэтным значэннем.

Адметнасць навуковага маўлення праяўляецца і ў частотнасці выкарыстання пэўных часцін мовы, іх форм, асаблівасцях іх функцыянавання. Для навуковага стылю характэрна перавага ва ўжыванні назоўнікаў і прыметнікаў над дзеясловамі. Тут шырока выкарыстоўваюцца назоўнікі ніякага роду з абстрактным значэннем(мысленне, выпраменьванне, падаўжэнне, адлюстраванне і інш.), формы роднага склону назоўнікаў у ролі азначэнняў (нормы літаратурнай мовы, тэмпература кіпення, закон Ома, тэарэма Піфагораі інш.), аддзеяслоўныя назоўнікі (рабіць уплыў). У навуковым маўленні не прынята выкарыстоўваць займеннік «я» і дзеясловы ў першай асобе адзіночнага ліку. Дзеясловы-выказнікі ўжываюцца звычайна ў форме 3-й асобы цяперашняга часу.

Інфармацыйны характар навуковага тэксту абумоўлівае тое, што ў ім амаль не сустракаюцца клічныя і пытальныя сказы, а таксама іншыя сродкі выражэння эмацыянальнага стану.

У навуковым стылі ўжываюцца нейтральныя словы з прамым значэннем і спецыяльныя тэрміны. Шматлікія навуковыя тэрміны маюць інтэрнацыянальны характар. Тэрміны, як правіла, адназначныя і дакладна называюць спецыяльныя навуковыя паняцці. Навуковы стыль мае сваю фразеалогію, якую складаюць устойлівыя спалучэнні тэрміналагічнага характару: вектарнае поле, пераменны ток, халасты ход.

У навуковым стылі ўжываюцца іншамоўныя словы і выразы, якія перадаюцца на пісьме графічнымі сродкамі мовы-крыніцы, напрыклад: Ssang Yong Aktyon.

Сучасны навуковы стыль вызначаецца ўжываннем формул, умоўных абазначэнняў, графікаў, схем. Шырока выкарыстоўваюцца канструкцыі з рознымі ўстаўкамі, паясненнямі.

Сучасная вытворчасць цесна звязана з навукай, таму многія тэрміны ўжываюцца як у навуковай, так і вытворча-тэхнічнай сферы. Яны служаць для называння працэсаў вытворчасці, механізмаў, інструментаў, дэталей, матэрыялаў.

Тэхнічныя тэксты маюць і пэўныя марфалагічныя асаблівасці. Так, напрыклад, тут ужываюцца формы множнага ліку рэчыўных назоўнікаў: маслы, солі, гліны, газы, шумы, хуткасці, магутнасці.

Сінтаксічныя канструкцыі больш простыя.

Навуковы стыль мае некалькі разнавіднасцей, або падстыляў: а) уласна навуковы (акадэмічны) — ім пішуцца навуковыя артыкулы, дысертацыі, манаграфіі, энцыклапедыі, інструкцыі; б) навукова-папулярны — характэрны для навуковых артыкулаў у газетах, навукова-папулярных часопісах, кнігах, для публічных выступленняў на навуковыя тэмы; в) навукова-вучэбны — выкарыстоўваецца ў вучэб-най літаратуры па розных прадметах, даведніках, дапаможніках.

Кожны з падстыляў навуковага маўлення адрозніваецца некаторымі асаблівасцямі. Уласна навуковы — найбольш строгі, дакладны. Ён вызначаецца шырокім выкарыстаннем тэрміналагічнай (марфема, нейтрон, дыягназі інш.) і агульнанавуковай (функцыя, сістэма, значэнне, лік, вызначыцьі інш.) лексікі, адсутнасцю вобразных сродкаў. Характэрны ўскладненыя і складаныя сінтаксічныя канструкцыі.

Навукова-папулярны тэкст адрасуецца шырокаму колу чытачоў, таму адрозніваецца ад уласна навуковага больш простым выкладам навуковай інфармацыі. Тут амаль не ўжываюцца вузкаспецыяльныя тэрміны. Калі ж яны выкарыстоўваюцца, то абавязкова тлумачацца ці ў самім тэксце, ці ў зносках. У навукова-папулярнай літаратуры дастаткова часта сустракаюцца вобразныя сродкі.

Навукова-вучэбны падстыль займае прамежкавае становішча паміж уласна навуковым і навукова-напулярным: ён не такі «строгі», як першы, і не такі “захапляльны”, як другі. Спецыфічная функцыя гэтай разнавіднасці навуковага маўлення — актывізацыя лагічнага мыслення чытача (слухача), г. зн. функцыя навучальная. Таму навукова-вучэбныя выданні адрасуюцца тым, хто хоча (ці павінен) засвоіць пэўныя навуковыя веды, атрымаць адукацыю, набыць спецыяльнасць. Мова вучэбнага тэксту павінна быць простай, зразумелай і ў той жа час адрознівацца навуковасцю, лагічнасцю выкладу. Гэта дасць магчымасць зрабіць навуковую інфармацыю больш даступнай і, адпаведна, аблегчыць яе засваенне.

 

Адметныя асаблівасці навуковага стылю

1. Сфера прымянення: выкарыстоўваецца ў навуковых працах і выступленнях на навуковыя тэмы (лекцыях, дакладах і г.д.).

2. Задачы маўлення: перадаць істотныя прыметы прадмета, патлумачыць прычыны з’яў.

3. Стылёвыя рысы: маўленне абагульнена-абстрактнае, падкрэслена лагічнае, доказнае.

4. Моўныя сродкі:

- словы нейтральныя і кніжныя з абагульненым і абстрактным значэннем;

- навуковыя тэрміны;

- развітыя апавядальныя сказы;

- выказнікі часта выражаны назоўнікамі або прыметнікамі.