Мова і соцыум

Описание: 2Сучасная навука, вызначаючы існасць мовы, вырашае пытанне, што ёсць мова – біялагічная, індывідуальная (псіхічная) з’ява ці сацыяльная (грамадская). Мову лічаць з’явай сацыяльнай, бо яна не перадаецца па спадчыне, ад старэйшых да маладзейшых, як біялагічныя, расавыя адзнакі. Дзіця авалодвае мовай таго калектыву (соцыуму), у якім расце, выхоўваецца. Па-за людской супольнасцю дзіця наогул не можа навучыцца размаўляць. Мова не ёсць і чыста індывідуальная з’ява, бо ў такім разе кожны чалавек меў бы сваю мову.

Мова – спарадкаваная сістэма гукаў, слоў, словазлучэнняў, сказаў.

Мова па сваёй сутнасці – з’ява сацыяльная, яна зарадзілася і развівалася ў працэсе сумеснай дзейнасці людзей. І на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва служыла і служыць асноўным сродкам перадачы інфармацыі. Дзякуючы мове людзі абменьваюцца думкамі, засвойваюць жыццёвы вопыт, навуковыя веды многіх папярэдніх пакаленняў. І гэты значны аб’ём інфармацыі кожнае наступнае пакаленне атрымлівае ад сваіх продкаў як падарунак. Мова з’яўляецца не толькі сродкам перадачы інфармацыі, але і сродкам мыслення. Матэрыялізацыя думак і пачуццяў людзей апасродкавана мовай.

Мову стварае і развівае грамадства, народ. Пакуль жыве народ, жыве і яго мова, яна перадаецца з пакалення ў пакаленне як спадчына ад бацькоў.

Мова дапамагла людзям вылучыцца з жывёльнага свету, развіць сваё мысленне, весці паспяховую барацьбу з сіламі прыроды і дасягнуць таго прагрэсу, які мы маем у цяперашні час.

Працоўная дзейнасць людей – аснова жыцця грамадства. Арганізаваць гэту дзейнасць можна толькі з дапамогай мовы. Працоўны працэс немагчымы без абмену думкамі, без мовы.

Праца, мова і думка фарміраваліся, развіваліся і развіваюцца цяпер у адзінстве і ўзаемадзеянні. Мова ўзнікла ў працэсе сумеснай дзейнасці людзей, яна служыла сродкам зносін паміж людзьмі, сродкам абмену думкамі.

Чалавек ад прыроды мае задаткі для авалодання мовай, але навучыцца гаварыць можна толькі ў чалавечым грамадстве. Людзі гавораць з пэўнай мэтай: каб нешта паведаміць, запытаць або заклікаць да нейкіх дзеянняў. Іх выказванні заўсёды некаму адрасаваны.

Описание: 1Чалавечыя зносіны ажыццяўляюцца галоўным чынам з дапамогай гукавой мовы. Разам з тым значную ролю ў зносінах паміж людзьмі адыгрываюць і невербальныя формы, напрыклад, жэсты, сігналы, знакі (матэматычныя, хімічныя, дарожнага руху, азбука Морзэ і г.д.). Жэсты могуць суправаджаць выказванне, узмацняючы яго выразнасць.

Людзі свядома карыстаюцца мовай. Выбар сродкаў для патрэб маўлення вымагае ад чалавека напружанай інтэлектуальнай дзейнасці і залежыць ад яго розуму, жыццёвага вопыту, інфармаванасці, умення прымяняць засвоеныя веды, а таксама яго менталітэту.

Надзвычай важную ролю адыгрывае мова ў духоўным жыцці народа. Дасягненні кожнага народа ў развіцці навукі і культуры магчымыя толькі пры непасрэдным удзеле роднай мовы. Вядомы рускі педагог К.Д.Ушынскі пісаў, што роднае слова – гэта аснова ўсякага разумовага развіцця і крыніца ўсіх ведаў.

Мову нельга лічыць нязменнай, застылай з’явай. Кожная мова праходзіць доўгі шлях развіцця, яна змяняецца, удасканальваецца.

На сучасным этапе развіцця беларускай мовы адбыліся значныя змены. З 1 верасня 2010 года ў дзеянне ўведзены Закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Дадзены закон робіць нашу нацыянальную мову бліжэйшай да жыцця і сучаснага грамадства.

 

Асноўныя функцыі мовы ў грамадстве

Прызначэнне мовы вельмі шырокае. Яна абслугоўвае непасрэдна (або апасродкавана) усе сферы чалавечага жыцця. Таму і функцыя ў яе не адна, а некалькі. Аднак найважнейшай з’яўляецца камунікатыўная, бо мова служыць сродкам зносін, сродкам людскіх дачыненняў, сродкам перадачы інфармацыі.

Мова выконвае яшчэ адну важную ролю ў жыцці грамадства. Яна называе прадметы і з’явы рэчаіснасці. Дзякуючы мове яны ўсведамляюцца намі як дыферэнцыраваная рэальнасць. Гэтая функцыя мовы называецца намінатыўнай.

Не менш важнай трэба лічыць і паняційную функцыю. Яна дазваляе чалавеку пазнаць свет, назапашваць, захоўваць і перадаваць свае веды, рабіць абагульненні і высновы ў выглядзе паняццяў, правіл, законаў.

Да асноўных належыць таксама экспрэсіўная функцыя. Яе прызначэнне – перадаваць думкі і пачуцці чалавека, яго псіхічны стан, светапогляд, адносіны да рэчаіснасці.

Чалавеку ўласціва пачуццё прыгожага, якое ён увасабляе ў творах як духоўнай, так і матэрыяльнай культуры. У сваёй маўленчай дзейнасці пры перадачы інфармацыі чалавек таксама імкнецца да таго, каб выклікаць у слухача (чытача) станоўчыя эмоцыі, пазітыўны настрой. Гэтую ролю мова выконвае дзякуючы эстэтычнай функцыі. Эстэтычная функцыя мовы найбольш поўна ўвасабляецца ў мове мастацкай літаратуры (прозе, паэзіі), сцэнічным маўленні.

Кожная функцыя мае сваю ролю ў мове, але ўсе разам яны служаць таму, каб мова магла быць эфектыўным і аптымальным сродкам зносін паміж людзьмі. Розныя функцыі мовы рэалізуюцца звычайна не паасобку, а ў адзінстве.

Фатычная – функцыя наладжвання кантактаў, рэгулявання адносін паміж людзьмі.

Акумуляцыйная – функцыя назапашвання, захавання традыцый, культуры, гісторыі, нацыянальнай свядомасці народа.

Для многіх моў свету ўласціва этнічная функцыя, калі мова выступае прыметай, сімвалам нацыі. Асабліва выразна гэта функцыя праяўляецца ў сітуацыях, дзе існуе культурна-моўная асіміляцыя аднаго народа другім.

Гіпотэзы паходжання мовы

1. Гіпотэза гукапераймання. Згодна з ёй мова ўзнікла ў выніку таго, што чалавек пераймаў гукавыя прыметы прадметаў.

2. Гіпотэза выклічнікаў. Гэта гіпотэза тлумачыць узнікненне мовы як рэакцыю чалавека на боль, страх, радасць.

3. Працоўная тэорыя. Мова ўзнікла ў працэссе працоўнай дзейнасці.

4. Гіпотэза Ф.Энгельса. Спачатку праца, а потым і членараздзельнае маўленне - два стымулы, пад уплывам якіх мозг малпы паступова пераўтварыўся ў чалавечы мозг.

5. Слова – дар Божы.