Спецыяльная лексіка – гэта словы і спалучэнні слоў, якія выкарыстоўваюцца пераважна колам людзей пэўнай галіны ведаў, прафесіі, спецыяльнасці. Сярод спецыяльных слоў выдзяляюцьпрафесійную лексіку (прафесіяналізмы) ітэрміны.

Гэта словы функцыянальна абмежаваныя пэўнай сферай ужывання, яны здольныя называць адны і тыя ж паняцці, для іх характэрны, па сутнасці, аднолькавыя спосабы ўтварэння. Такая акалічнасць аб’ядноўвае прафесіяналізмы і тэрміны. Аднак пры больш дэталёвым аналізе паказаных лексем заўважаюцца істотныя адрозненні паміж імі.

Перш за ўсё неабходна звярнуць увагу на тое, што тэрмін – выключна афіцыйная, узаконеная ў пэўнай навуцы, галіне прамысловасці, сельскай гаспадарцы, тэхніцы назва якога-небудзь паняцця, а прафесіяналізм – слова, распаўсюджанае пераважна ў гутарковай мове сярод людзей пэўнай прафесіі, спецыяльнасці.

Тэрміны ствараюцца штучна, свядома, па меры ўсведамлення і неабходнасці, а прафесіяналізмы ўзнікаюць пераважна стыхійна.

Кожны новы тэрмін, які з’яўляецца ў мове, абавязкова фіксуецца ў навуковых працах, слоўніках, спецыяльнай літаратуры, чаго нельга сказаць пра словы прафесійнай лексікі.

Тэрміны – стылістычна нейтральныя адзінкі, а прафесіяналізмам уласціва экспрэсіўнасць.

Такім чынам, тэрміналагічная і прафесійная лексіка мае не толькі агульныя рысы, але значна адрозніваецца паміж сабой.

Крытэрый

Тэрміны

Прафесіяналізмы

Час і шляхі ўзнікнення

Ствараюцца мэтанакіравана

Ствараюцца стыхійна

Нарматыўны статус

Афіцыйна ўзаконены

Не ўзаконены афіцыйна

Адносіны да экспрэсіўнасці

Стылістычна нейтральныя

Стылістычна афарбаваныя

Выкарыстанне ў тыпах тэкстаў

Пераважаюць у пісьмовых тэкстах

Пераважаюць у вуснай камунікацыі

Пашыранасць

Могуць мець агульна-нацыянальны або інтэрнацыянальны характар

Часта носяць мясцовы характар

Сукупнасць тэрмінаў пэўнай навукі або прафесіі называецца тэрміналогіяй. Існуе тэрміналогія лінгвістычная, медыцынская, тэхнічная, філасофская, педагагічная, псіхалагічная, астранамічная ды інш. Для кожнай навукі, такім чынам, існуе менавіта свой штучна створаны набор лексічных адзінак, выкарыстанне якога абмежавана той ці іншай навуковай галіной. Акрамя таго, тэрміналогія – гэта сукупнасць усіх тэрмінаў пэўнай мовы (беларуская тэрміналогія).

Спецыяльная лексіка можа быць вузкаспецыяльная, вядомая толькі спецыялістам пэўнай галіны ведаў, і шырокаўжывальная, якая стала здабыткам агульналітаратурнай мовы. У асяроддзі так званых спецыялістаў “вузкага профілю” (дакладныя навукі, асобныя галіны мовазнаўства, эканоміка, права і г.д.) пераважаюць вузкаспецыяльныя тэрміны (субморф, канатацыя, элятыў і г.д.). Агульназразумелыя, шырокаўжывальныя тэрміны (жанр, стыльі г.д.) існуюць у мове спецыялістаў “шырокага профілю”, занятых у сферы спорту, выяўленчага мастацтва, кветкаводства, шыцця і пад. Аднак межы паміж вузкаспецыяльнай і шырокаўжывальнай лексікай зменлівыя. З цягам часу адбываецца перамяшчэнне некатарых вузкаспецыяльных слоў у шырокаўжывальныя. Гэта звязана з павышэннем агульнаадукацыйнага ўзроўню насельніцтва, значэннем той ці іншай навукі, галіны гаспадаркі ў жыцці народа. Таму не выпадкова сёння як шырокаўжывальныя ўспрымаюцца словы малалітражны, палімер, малекула, квадрат, камп’ютар, вобраз, космас, рэнтген і пад.

Тэрміны адрозніваюцца ад агульналітаратурных слоў цэлым шэрагам асаблівасцей. Сярод такіх спецыфічных рыс вылучаюцца:

1) Сістэмнасць, г.зн.што кожны тэрмін з’яўляецца адзінкай пэўнай тэрміналагічнай сістэмы, якая абмежавана адной галіной навукі. Таму сваю сутнасць тэрміны выяўляюць толькі ў межах адной сістэмы. Напрыклад, слова эліпсу мовазнаўстве і ў матэматыцы.

Па-за межамі тэрміналагічнай сістэмы адбываецца дэтэрміналагізацыя тэрміна – ператварэнне таго ці іншага тэрміна ў неспецыяльную лексіку: рэакцыяяк хімічны тэрмін і дзеянне,амплітуда, рамані пад.

2) Імкненне да адназначнасці ў межах сваёй тэрміналагічнай сістэмы. Кожны тэрмін павінен абазначаць толькі адно паняцце ў навуцы ці тэхніцы, а кожнаму паняццю павінен адпавядаць толькі адзін тэрмін (напрыклад, літаратуразнаўчыя тэрміны:рыфма, ямб; лінгвістычныя: сінонім, антонім, дзеяслоў)

3) Адсутнасць экспрэсіі. Нават тэрміны, якія ўзнікаюць на аснове вобразнага пераасэнсавання паняцця, губляюць экспрэсіўна-эмацыянальную афарбоўку:нос (мыс), рукаў (ракі), складкі (гор).

4) Стылістычная нейтральнасць

Назіранні даследчыкаў паказваюць, што тэрміны ў пэўнай тэрміналагічнай сістэме могуць уступаць у сінанімічныя адносіны. Напрыклад, для абазначэння аднаго і таго ж паняцця “травяністая расліна сямейства касачовых з вузкім лісцем і сінявата-фіялетавымі кветкамі” выкарыстоўваюцца словы крокус і шафран. На нераспрацаванасць беларускай тэрміналогіі, у прыватнасці, указваюць паралелі тыпунатуральны газ – прыродны газ, шурпаты – няроўны, аўтэнтычны – сапраўдны. Стыхійнасць моўных кантактаў падкрэсліваецца ўжываннем адназначных слоў, сярод якіх два іншамоўныя тэрміны: аўтамагістраль – аўтастрада, кантралёр – рэвізор, гавань – порт, іншамоўны і ўласны тэрмін: экспарт – вываз, матор – рухавік; поўны тэрмін і скарочаны, аднаслоўны:ваенны камісарыят – ваенкамат, намінальная цана – намінал. Сінаніміка тэрмінаў у мове не пажадана.

Акрамя таго, тэрміны могуць абазначаць супрацьлеглыя паняцці, што дазваляе вылучыць тэрміны-антонімы. Тэрміны-антонімы есць практычна ў кожнай галіне навуковай дзейнасці: лексічныя – актыў/пасіў, форта/піяна, лізіс/крызіс, брадыкардыя/тахікардыя ды іншыя; словаўтваральныя – мікрацэфалія (мікракефалія)/макрацэфалія (макракефалія), мантаж/дэмантаж і пад.

Ананімічныя тэрміны часцей за ўсё адносяцца да розных тэрміналагічных сістэм (іх называюць міжнавуковымі амонімамі). Так, слова марфалогія вядома некалькім тэрміналагічным сістэмам. Напрыклад, у мовазнаўстве – гэта “раздзел граматыкі, які вывучае формы слова”, у анатоміі – “навука аб форме і будове чалавека і жывёл”, у батаніцы – “навука, якая вывучае будову і формаўтварэнне раслін” і пад.